АБРА́ДАВАЕ ПЕ́ЧЫВА адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. На Беларусі ім сустракалі і частавалі гасцей, бралі ў поле, едучы першы раз сеяць, пакідалі ў полі на дажынках, давалі жывёле, каб добра вялася, ім клікалі вясной буслоў і г. д. На радзіны звычайна пяклі жытнія пірагі (дарылі бабкам-павітухам), якія з жартамі ламалі, каштавалі, елі з баршчом за святочным сталом. Жанчын, што ішлі ў адведкі, частавалі пірагамі (на Брэстчыне такі пірог наз. скрушок). На вяселле акрамя каравая пяклі пшанічныя пірагі маладым — месяц, падручнік, крыж (булка з крыжам). Падручнік і крыж пяклі для маладой, з імі яна ехала да маладога і клала на века дзяжы свекрыві. Памінальнае печыва заўсёды было прэснае (мёртвы хлеб) — корж, гарачыкі, галушкі, праснак. Корж і гарачыкі крышылі ў канун, «па крошцы» раздавалі прысутным за жалобным сталом. На Каляды пяклі жытнія пірагі-каляднікі, якімі абдорвалі калядоўшчыкаў. На саракі выпякалі 40 піражкоў (птушкі з цеста, галушкі, варэнікі) з макам або з фасоляй (іх называлі саракі, жаваронкі, бапкі). У вялікі пост пяклі храсцы-крыжыкі, саху, барану (булку, абкладзеную шышкамі), якія бралі ў поле, едучы сеяць. На Благавешчанне пяклі пампушкі, галёпы, якімі сустракалі буслоў, на Вялікдзень — здобныя пірагі (паскі, калачы). На Палессі на Юр’я пяклі расянік і хадзілі з ім вакол жыта, у Бярозаўскім р-не гатавалі піражок-юрок і клалі ў жыта (калі жыта яго не закрывала, то гэта прадказвала дрэнны ўраджай). У некаторых мясцінах на Юр’я ішлі ў поле з хлебам і інш. частаваннем. На святы рабілі таксама варэнікі з хлебнага цеста з макам або канапляным семем (на Варвару, Міколу), каржы з мёдам (напярэдадні Купалля).

Г.Ф.Вештарт.

т. 1, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)